«СВЯШЧЭ́ННАЯ ЛІ́ГА» 1684—98, саюз Аўстрыі, Рэчы Паспалітай, Венецыі, некаторых германскіх княстваў, пры актыўным удзеле рым. курыі, накіраваны супраць Турцыі. У 1686 да «С.л.» далучылася Расія, якая перад тым заключыла «Вечны мір» 1686 з Рэччу Паспалітай з умовай сумесных дзеянняў супраць Турцыі і Крыма. Выконваючы саюзніцкія абавязацельствы, Расія здзейсніла паходы сваёй арміі ў 1687 і 1689 супраць Крымскага ханства і ў 1695 і 1696 на Азоў, чым адцягнула значную частку тур. сіл з інш. напрамкаў дзеянняў супраць войск лігі. Аднак саюзнікі, баючыся ўзмацнення Расіі на ўзбярэжжы Чорнага м. і выхаду яе ў паўд. моры, не былі зацікаўлены ў моцы «С.л.». Таму яна, насуперак пажаданням Расіі, канчаткова распалася ў ходзе Карлавіцкага кангрэса 1698—99.

т. 14, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)